Ангелiна Дабравольская

Трохрадковыя вершы. "ПАВУЦIНКА"

ЗМЕСТ:


I. Нiзка вершаў «Павуцiнка»
I I. Нiзка вершаў «Пацеркi»



I. ПАВУЦІНКА


Пачуцці-карункі
хацела злучыць,
знітаваць
павуцінкай.
Сатлелі карункі,
згубіўся ўзор,
ды трымціць –
п а в у ц і н к а…


+

Душу
выдыхну на шкло.
У бурштынавай кроплі –
сонца.

+

У купцы попелу аркуш абпалены.
З дымам
душа растае.

+

Пачатак сезона:
сёння
раскрываецца першы парасон

+

Тваё свята.
Твой святочны пірог са свечкамі ліхтароў.
Твой горад.

+

Пэндзаль-запалка
на хвіліну
азорыць сусвет

+

Дом,
збудаваны на пяску
з майго гадзінніка

+

Грукаеш у дзверы
навошта
сэрца табе адкрыта

+

Твае валасы пахнуць дымам.
Зграбаем лісты
пасаджаных намі дрэў

+

Дорыць каліна
трапяткую пунсовую кроплю
на пацерку мне

+

Дзён маіх,
нібы яблыкаў, -
даўкі восеньскі прысмак…

+

Птаха – у вырай,
ліст –
да цябе
адпускаю.

+

Маленькім люстрам адбіць вашыя промні –
і асляпіць сонечным зайчанём –
вершам

+

Дзякую вам
апошнім ламаным грошам –
вершам




I I. ПАЦЕРКІ


+

Восень
запаліла дрэвы
прад лікам Сонца

+

Птаха ў далонях трымаю.
Божа,
памілуй нас.

+

Ранкам
з чарнільнага снегу
выплываюць літары

+

Чуеш:
спынілася сэрца хаты –
гадзіннік?

+

Як малака ў гладыш
святла наліваю:
пі!

+

Па белай руцэ
чорная вена
дрэва



© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009


Для сувязi з аўтарам

Хостинг от uCoz