Ангелiна Дабравольская

«НАПРАДВЕСНI»

ЗМЕСТ:


I. Нiзка вершаў «Зiмовыя мроi»


1. Ад чыстага лiста, ад белае зямлi…
2. I акрые зiма белым снегам збалелую душу...
3. Белыя вершы - зiмовыя чары i мроi…
4. Гароднi
5. Рытм сняжынак - як звон псалцiры…



II. Нiзка вершаў «Напрадвеснi»


1. Душа мая! Адкiнь заслону сну...
2. У кожнай кроплi - iскрынка сонца...

I. «ЗIМОВЫЯ МРОI»


1.

...Ад чыстага ліста,
ад б е л а е з я м л і,
ад светлых крылаў
і душы павіннай -

прыймі, мой Божа,
гэтыя спаміны.

Хай стане ТАК,
як воліш Ты.

Судзі.



2.

...І акрые зіма белым снегам
Збалелую душу...
На галінах напятых
Абудзіцца снежнае скерца...
І праз цемру
Праблісне спамінам,
Бы гронка рабіны:
Тут
Пакінута
Маё сэрца
...


3.


Белыя вершы –
зімовыя чары і мроі.
Белую песню
спявае завея сівая.
Тут, у гэтых вулках,
я сёння згублюся,
зблукаю.
Тут, у гэтых вулках,
я зноўку сябе
адшукаю.
Тут
зразумею нарэшце,
чаму я такая…

Белыя дзверы –
за імі
зімовыя мроі.
Белыя людзі –
у вопратках –
чыстыя душы…
Тут, у свеце гэтым,
я зноў абяцанне парушу.
Там, у свеце тым, -
слова,
урэшце,
стрымаю…
Толькі…
як холадна, Божа,
і як неўтульна…

Душы зблукалыя
вераць у агеньчык
надзеі.
Недзе ля сэрца
цяпельца маленькае
грэе…
Недзе ля сэрца
пад сцюжаю зернейка
спее…
Толькі праз сэрца
яно прарасці
не пасмее…

Значыць –
чакайма вясны
і расталага снегу,
Весняга сонейка,
першае смелай крынічкі,
Першага цёплага ветрыку,
першай нахабнай сінічкі,
Шчырай усмешкі…

…А ведаеш, Божа, –
я ўсё даравала.



4.


Гароднi


...І будзе дзень –
маўклівы, чорна-белы
і сцішаны, а я – дзіцём прад таямніцай,
немаўлём...

І будзе так:
па горадзе аціхлым
задумліва
тралейбусы плывуць, -
па хмарах, пад сумётамі –
што крыгі – між хвалямі
застыглымі
і лёдам,
пабліскваючы
мерзлаю лускою і дыхаючы параю
праз шкло,
праз водарасці
й вочы...

І дрэвы,
як атланты,
утрымаюць
і неба,
і тралейбусы,
і вежы,
людзей,
аблокі,
гмахі
і крыжы…
і пазалотай попелу
абтрусяць
двухколерныя
нашы вітражы,
дзе рамай –
с н е г ...

І М е с т а
стане воляю
і лёсам:
замрэ гадзіннік
на касцельнай вежы,
і сыйдуцца ў руцэ
дзве стрэлкі-стрэмкі –
с в а б о д а
і
н а к а н а в а н а с ц ь;

Мы –
я і Горад –
станем з двух –
адно.

І будзе – с н е г
………………



5.


…Рытм сняжынак –
як звон псалціры,
струны гусляў…
Даруй нам, Божа.
Захавай душы нашы ў міры –
Светлым Словам Тваім
прыгожым.

Каб праз цемру,
што светам* клічам,
праз зямлю, нябёсы, аблокі –
Ты з’явіў нам Сваё Аблічча –
І ў шлях блаславіў далёкі.

Доўгі шлях –
за святлом з Усходу –
Віфлеемскае зоркі ззяннем –
за якою валхвы-народы
ўсё ідуць праз вякі-расстанні;

Верны шлях –
дзе Святло з Фавору –
Незямное –
з зямным зліецца,
І –
гаротным –
жывой вадою
ў душы грэшныя праліецца;

Вечны шлях –
ад зямлі пакутнай –
у пакінуты сад Эдэмскі…
Дзе ад попелу і атруты
пакаяннем
ачысцяцца сэрцы.

* светам – па царк.-слав. і па-руску “миром”



II. «НАПРАДВЕСНI»


1.

Душа мая!
Адкінь заслону сну,
Пралескаю збудзіся напрадвесні -

І за праўдзівасць
І празрыстасць песні -
Удзячная,
Благаславі Вясну!



2.

У кожнай кроплі -
Іскрынка сонца.
У кожным слове -
Часцінка песні.

...Тчэ жыццё
на вясновых кросенцах
Веру ў Светлае
Уваскрэсенне...




© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009


Для сувязi з аўтарам

Хостинг от uCoz