Ангелiна Дабравольская

"ЛIНIЯ СВЯТЛА"

ЗМЕСТ:


I.

Нiзка вершаў «ЛIНIЯ СВЯТЛА»

* Абрыс галіны, лiнiя святла…
* Нам дарагi i дзень, пражыты намi...
* Да ранка - дарую крыўды...
* Пайду адсюль - дзе птушкi трацяць пер’е...
* Нi аб чым, нi за чым, без прычыны...
* Цi час мне ўжо вяртацца на зямлю?


II.


АНЁЛУ-АХОЎНIКУ

1. «Не назаву нічыё імя…»
2. Анёлу-ахоўнiку





I. «ЛIНIЯ СВЯТЛА»

(нiзка вершаў)


* * *

...Абрыс галіны,
лінія святла —
Як словы,
невыказныя ў малітве —
Звязаныя паміж сабой не рытмам,
А чысцінёю,
што не знае зла...



* * *

Нам дарагі і дзень, пражыты намі,
І момант,
што здалёк да нас плыве.
Хай кожны напрасткі іх пражыве,
Каб не схіляцца
над чарнавікамі.



* * *


...Да ранка –
Дарую крыўды.
Мой вораг,
Ці станеш сябрам?
Няхай самота акрые
Цябе ад бедаў-навалаў...

Да ранка –
Змайструю крылы,
Сябе агалю да пёрка.
Хай возьме іх той,
Хто мілы,
І верыць у мяне,
Дзіцёнак!...

І так –
Без крыўдаў і крылаў,
Акрыўшыся толькі сумам –
Пайду па зямлі астылай –

У свет ранішні,
Заўтрашні,
Судны...



* * *


Пайду адсюль,
Дзе птушкі трацяць пер’е.
І па зямлі разлітая самота.
Пакіну вам нябыт і паняверу,
Адкіну прэч жыццёвыя турботы.

…На следзе маім
высахне раса.
Навострана нашчадкамі каса,
і пад касою цёплы след
астыне…

Але –
ізноўку –
роніць птах пяро…

Абудзіца ўсё ў маленькім сыне,

І пёркам тым –
арліным?
жураўліным? –
дзіця напіша першы вершык свой.

І вернецца Паэзія –
жывой.



* * *

Нi аб чым,
нi за чым,
без прычыны...

Проста
неба
прарэзаць
плячыма,

хмары злосныя
пратаранiць,

аб вясёлку
душу
паранiць...

…Вы ня верце -
гэта не кроў,
гэта
ў кожным асклепку -
л ю б о ў . . .


05.07.2007.



* * *

Ці час мне ўжо вяртацца на зямлю?
Ці ‘шчэ дасі лунаць у Тваіх аблоках?
У нябёсных хвалях, плынях і затоках
Блукаць майму зямному караблю?

Шчаслівы, хто паспеў сказаць “люблю”
І па зямлі прайшоў не адзінокім…
Што ж наракаць на стомленыя крокі,
Калі Твой, Божа, позірк я лаўлю?

Наперадзе – нязгасны ясны дзень,
Тваёй пшаніцы залатое мора,
Святло Тваё, Тваёй красы ўзоры –
І дзеці, як анёлы, між людзей…

І нашы душы не азмрочаць цені,
Мы станем жыць без здрады, слёз і гора…
Удзячная, хілюся у пакоры –
Прашу любові, веры і надзеі.




II. АНЁЛУ-АХОЎНІКУ

1.

Не назаву нічыё імя,
Хто – тое бачыць Бог, -
Ён апякае мяне штодня
У кожнай з маіх дарог.

Шляхам пакутным іду за ім,
Узбоччу – крыжы, крыжы,
Вугаль і прысак, агонь і дым,
Прывіды, міражы.

Здані кахання, надзеі міраж,
Вернасць – падман, але
Мроіцца за даляглядам наш
Прыстанак у гэтым тле,

Дзе на зямлі ў апошні раз
Існых, з плоці – крыві
Фарбы і гукі абдымуць нас.
Госпадзе, благаславі!

Што ж супынілася ты, душа,
Зліцца з вечнай красой?
...На ручніку – па канцах крыжа –
Непадуладныя, час і іржа! –
Зоры сатканы дзіцячай рукою.

02.06.2001 г. Гродна


2.

Мой Анёл-вартаўнік,
Ты сустрэнеш мяне каля Брамы
І крылом нада мной павядзеш,
І акрэсліш мой шлях,
І туды павядзеш,
Дзе няма ні маны, ні падману,
Дзе жывая крыніца,
Дзе існае зерне ў палях.

Там акружаць мяне
Светазарныя чыстыя лікі,
Там прадзед і прабаба
Ды першынец, крэўны мой сын.
І тады па аблоках
Мы рушым к святыні вялікай –
У незямны і нябачны,
Няпрывідны Ерусалім.

Не заслугай сваёй,
Не жыццём, шчэ мізэрным і грэшным
(Калі вартаю стану,
Як дзіцёнак на неба ўзыду) –
То малітваю Вашай,
Святыя зямлі несуцешнай,
Беларускія, сербскія, рускія –
Людзі, стрэтыя мной на шляху.

2000 г. Гродна



© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009


Для сувязi з аўтарам

Хостинг от uCoz