|
Ангелiна Дабравольская
|
ЗМЕСТ:
1. Божа, прымi - такую...
2. Што жадала ў свеце - мела...
3. Божа, памажы прыйсцi ў Каложу...
4. Нiзала слёзы i словы...
5. Азiрнуцца - каб зноў - Азярнiца...
6. Да вяртання ў нябёсы...
Вершы з нізкі “КАЛОЖА”
1.
Божа, прымі –
такую –
з сэрцам каменным,
што прамяняць спрабуе
Вечнае –
на імгненнае…
2.
...Што жадала ў свеце –
мела,
У куфэрак - душу
складала.
Перапоўніла,
ды не мераю –
І тады –
за надзею і веру і любоў –
Увесь свой скарб аддала.
3.
Божа, памажы –
прыйсці ў Каложу,
Да прыступак Твайго ўзножжа,
З сэрцам чыстым, шчырым і адданым,
Нічыёй душы каб не параніць.
Ціхім, светлым промнем ахіні.
Ад самой сябе абарані.
4.
Нізала
слёзы і словы –
сваёй няспраўджанай песні.
Шаптала,
нібы замову:
“Уваскрэсну,
З Богам –
уваскрэсну…”
Няіснае ўсё –
часова,
Ды вечнае –
Дабравесце.
Даруй,
што малю нанова
Цябе,
Спрадвечнае Слова:
“Уваскрэсні, Божа,
Уваскрэсні!”
5.
…Азірнуцца –
каб зноў – Азярніца,
Ля цудоўнага храма
наноў…
Дзе нічога магло не адбыцца –
Ды мільгнула
крылом-бліскавіцай
і схавалася ў хмару –
Любоў…
6.
…Да вяртання ў нябёсы –
Усяго толькі крок,
Толькі крок…
У халоднай калюжі
Вада на асклепкі паб’ецца.
Скрыжаваннем любові,
Зямных і нябёсных дарог –
Гэты снежны парог…
Успамінам душа абарвецца…
Адгукніся, прашу –
Прывід, мроя, каханне ці здань?..
Твой няўлоўны абрыс
Я намарна шукала ў свеце…
Рэха крокаў маіх,
І абдымкі, і вусны – у дзецях…
Аджылі… як лісты і лістота…
Зышліся на дым…
…Над застылай Каложай
Віфлеемская зорка гарыць,
Да нябёс, да святла –
Чалавечае наканаванне.
Людзі, зоры і птушкі –
Усе мы Божыя адлюстраванні.
І таму я іду –
па зямлі –
ад зямнога жытла…
© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009
Для сувязi з аўтарам
|