|
Ангелiна Дабравольская
|
Паэма “ВАНДРОЎКА ДА СВЯТОГА ІААНА КАРМЯНСКАГА”
|
ЗМЕСТ:
1. Гомель
2. Дарога
3. У храме
4. Малiтва
5. Дзецям Хрыстовым
6. Агародня
7. Абрыс галiны...
8. Вяртанне
9. Агародня-Карма
“ВАНДРОЎКА ДА СВЯТОГА ІААНА КАРМЯНСКАГА”
(паэма)
1. ГОМЕЛЬ
Па горадзе, родным стаўшым,
Спяшаю хадой таропкай —
Туды, дзе, ноч недаспаўшы,
Ішла з вінаграднай гронкай
На свята — Праабражэння! —
Па сонным яшчэ праспекце,
З маленнем — аб ачышчэнні,
З прашэннем — каб не памерці,
З літаннем — уратавання! —
Праз слёзы, праз боль, у скрусе...
I мне было — даравана...
I — на ўрачыстым абрусе —
На вінаград і яблык
Упалі жывыя каплі,
А ў сэрцы, болей не ззяблым,
Ужо рассычаўся камень,
I ў кожным яго асклепку,
Такім ледзяным і бязбожным —
Нібы люстравалася Неба,
Пяшчотна і асцярожна.
2. ДАРОГА У КАРМУ
Гэтым часам, калі
Прамінаюць палі і вёскі
(Ці на яве — ці ў сне?),
Успаміны мірскія стынуць,
Я спяшаю к Табе,
Задыхаюсь, глынаю слёзы,
Я малюся Табе,
Дарагая наша Святыня.
Сустракаеш усіх
Светлым Храмам,
Як вочы, сінім,
Чыстым Крыжам
I ў студні —
Вадой жывою.
Як нідзе,
Тут да неба, да Бога
Бліжай.
Усё жыццёвае
Застаецца па-за Кармою.
Тут слабы карабель мой
Спыніўся
І кінуў якар.
Ды не моцны ланцуг —
Зноўку хваля —
I ён парвецца...
Дай жа, Госпадзе,
Каб прайшлі без знаку
Усе буры і штормы,
У жыцці і ў сэрцы.
Ёсць прыстанкі
У хвалях быцця-акіяну.
Ратавальным агнём
На іх душы чыстыя свецяць.
...Святы праведны ойча наш Іаане,
Малі Госпада
Аб Яго непуцёвых дзецях.
3. У ХРАМЕ
У Храм увайду і зацеплю свечачку,
Прад святымі мошчамі стану.
Дзякуй, ойча наш Іаане,
За Тваё вялікае сэрца.
За малітву тваю няспынную,
За любоў да людзей убогіх.
З іх нікога ў жыцці не пакінуў Ты
Словам добрым і дапамогаю.
Усе прароцтвы Твае здзяйсняліся,
Слова кожнае адбылося:
I Царыца Нябёс з’яўлялася,
I дыханне Яе засталося.
Дзякуй, бацюшка Іаане,
Што квітнее зямля Кармянская.
...Светлым раннем
у Пакроўскім храме
Ціха ліецца малітва манаская.
4. МАЛIТВА
Госпадзе,
дай маліцца
за родных у гэтым свеце.
Зёлцы —
долу хіліцца,
Дрэву —
заломваць вецце.
Подыхам Твайго Духу,
Словам або маўчаннем
Кожным імгненнем, рухам —
Абарані ад адчаю,
Бедаў, нягодаў, спакусаў
Верных Табе
і грэшных —
Усіх,
хто на Беларусі ёсць —
і апошніх,
і першых.
...Чыстыя немаўляты
Спяць у жаночых улоннях.
Ірады — мама з татам.
Божа! Хто абароніць?
Тонкія ніці жыццяў
’Шчэ ў Тваёй далоні...
...Спеюць зернейкі ў жыце
На каласох зялёных.
Лісце —
спякотнаму сонцу,
Корань —
атрутнае глебе.
Сокі —
вадзе смяротнай...
«Дай нам штодзённага хлеба!..
Хопіць, маўляў, палохаць
Душы, парослыя цернем!..»
...Цень ад Крыжа Гасподняга
Зліўся з Чарнобыльскім ценем...
5. ДЗЕЦЯМ ХРЫСТОВЫМ
...Палымнее душа
Чысцінёю, святлом і любоўю.
Ззяе так,
Што балюча, няможна глядзець.
А праз ззянне —
Сцякае жывою крывёю сваёю.
Толькі гэтым жыве,
Мае моцы любіць і цярпець.
Праз стагоддзі пакуты Хрыстовай
Яна ўкрыжавана,
След цвіка і кап’я
Ёй ніколі не спыніць балець.
Не стыгматы, не цела —
А сэрца праўдзівага рану —
Не загоіць
Ні час, ні каханне, ні смерць.
Божа,
Дай жа душы гэтай
У яве і ў сне быць з Табою,
Як ахвяру Сваю
На ахвярнік нябачны прыймі,
Улячы яе раны —
Чыстым Целам і Кроўю Тваёю.
На мытарствах
Зямных і нябёсных
Яе барані.
6. АГАРОДНЯ
Тут, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, спраўдзіўшы прадказанне св. прав. Іаана Кармянскага, у Свята-Нікольскі храм на Божую Літургію з’явілася Сама Найсвяцейшая Дзева Марыя з анёламі. Было гэта ў 30-я гады XX стагоддзя, амаль праз 20 год пасля смерці айца Іаана. У 1950-я гады храм быў разбураны. Цяпер на месцы яго алтара стаіць 3-мятровы дубовы крыж.
(3 «Жыція св. прав. Іаана Кармянскага»)
...Схілюся грэшнай галавою
I тварам упаду ў траву.
Дай, Госпадзе, мне быць з Табою —
Я ўсё тады перажыву.
Калі надыдзе час спакусы —
Дазволь мне сэрца ўтрымаць
I ад Цябе не адкаснуцца.
...Тут
ля Крыжа
стаяла Маці…
Бяздольным, з хвораю душою
Усяе пакуты не знясці.
Але іскрынкаю жывою —
Сам ацалі і асвяці.
7.
* * *
Абрыс галіны,
лінія святла —
Як словы,
невыказныя ў малітве —
Звязаныя паміж сабой не рытмам,
А чысцінёю,
што не знае зла.
* * *
Ах, вясёлка —
дзіўная дарога
кволай чалавечае душы:
Лёгка ўзносіш думкаю да Бога,
на прыступку райскага парогу.
Вось каб узысці — і не грашыць!..
8. МАЦI БОЖАЯ, БЛАГАСЛАВI!
(Вяртанне)
Кожны дзень, нібы верш, —
нанова
Адкрываю Святое Слова.
Сцвердзіць нам Яго ў жыцці —
Маці Божая, благаславі.
Хай усе клопаты і ўчынкі
Не затуляць, як аблачынкі,
Прамянёў Найсвяцейшай Любві —
Маці Божая, благаславі.
Цела — Хлеб, і вада — жывая
Душы грэшныя ажыўляюць.
Прычашчэння Святой Крыві —
Маці Божая, благаславі.
Ацалі нашы душы, Царыца,
Бо самім ад грахоў не пазбыцца.
Уладарка Нябёс і зямлі,
Маці Божая — благаславі!
1999–2001 гг., Гомель–Мінск–Гродна
9. “АГАРОДНЯ – КАРМА”
(нізка вершаў)
+
Месцу былога Свята-Нікольскага храма
Маўчаць званы.
Ніжэй травы –
зямля.
У зямлі, бы зерне,
спіць душа мая.
+
Ю.
Не з дошкі крыж –
Ён і з крыві, і з цела.
Няўжо ж, душа,
Ты гэткага хацела?..
+
Дарога Агародня-Карма
Плывуць аблокі
вечным шляхам.
Дзе на зямлі
прытулак птаху?
+
Калоссе ліецца,
Птах над нівай.
Хай песня выспее шчаслівай.
+
Добрае слова – жывою вадой
з вуснаў ліецца.
І – сунімае смутак і боль.
Чым ты, душа, адзавешся?
+
Любоўю – за любоў?
Гасподзень Крыж
ці зможаш несці?
Што ж, душа, маўчыш?
06.12.2001 г., Мінск
© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009
Для сувязi з аўтарам
|