|
Ангелiна Дабравольская
|
ЗМЕСТ:
* Яначку. "Не пiшацца верш - цi жыццё не жывецца?..."
* Хiтры жук
* Косцiк i хвосцiк
* Пра мышку
* Калыханка
* З народнага
ЯНАЧКУ
Не пішацца верш –
ці жыццё не жывецца?
Ужо колькі гадоў
між зямлёю і небам…
І есца, і п’ецца, але –
не пяецца…
Не выспела, пэўна,
калоссе для хлеба…
Калісьці ж – радзіла,
як зерне садзіла,
Слязьмі палівала…
Цябе гадавала…
Ды мала, напэўна,
душы аддавала…
Нягож – каралеўна –
сябе шкадавала!..
У полі сцяблінка –
мурашцы хацінка,
Валошка, званочак –
то смеху збаночак.
У Бога –
ніводнай душы –
сірацінкі…
Усміхніся –
і разам пакрочым, сыночак,
Ад цемры –
да яснага сонца, сыночак…
ХIТРЫ ЖУК
Так высока ён ляціць,
Нібы самалёт, гудзіць.
“Не даўмецца, - кажа ўнук, -
Дзе ж матор хавае жук?...”
КОСЦIК I ХВОСЦIК
- Коцік-коцік, дзе твой хвосцік? –
Запытаў у сябра Косцік.
У адказ муркоча кот:
- Лез я ранкам цераз плот,
Хвастом зачапіўся –
Ён і адваліўся.
- Ах, мой бедны коцік!
Мне шкада твой хвосцік!..
Косцік з мамай мудравалі,
Коцю хвосцік змайстравалі -
І цяпер шторанку
Ходзіць кот праз брамку.
ПРА МЫШКУ
Кожнай раніцай Янук
Мышцы стукае: “Тук-тук.
Мышка, мышка, - ты жывая?
Мы даўно цябе чакаем!
Тут і коціка няма…”
Але зноў, відно, дарма…
Не вылазіць з норкі мышка,
Не чытае з намі кніжкі,
Не гуляе, не малюе…
А па ёй мы так сумуем…
Ты выходзь да нас з нары,
Мышка,
Мы ж – твае сябры!...
КАЛЫХАНКА
- Баю-баю, гу-гу-гу.
Пайшла котка па лугу.
Сустракае мышу:
- Цішай, цішай, цішай!
А мышка ў пальчатках,
Сукенка ў заплатках.
А ў мышкавым кошыку
Цацкі для Сярожыка.
- Баю-баю-баю,
Падарую заю,
Вавёрку ды вожыка, -
Аддасі Сярожыку.
Узяла котка кошык,
Пайшла да Сярожы:
Будзе цацкі разглядаць,
Ды малога калыхаць.
З НАРОДНАГА
Кацілася колка
на ранішнім золку.
Хто кола спаймае,
той шчасце зазнае.
Засынай, міленькі,
вырастай мацненькі.
Ты кола спаймаеш,
ты шчасце зазнаеш
ды роднай старонцы
станеш абаронцам.
© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009
ТВОРЧАСЦЬ МАЙГО СЫНА IВАНА. Проза на сайте Стихи.ру
Для сувязi з аўтарам
|