Ангелiна Дабравольская

Табе

ЗМЕСТ:

* Верш табе 1
* Верш табе 2
* У каханнi не прызнаюся нiколi...
* Сябе - замнога, а зямлi - замала...
* Калi Гасподзь асвецiць пачуццё...
* I так, нiбы свечку, Ты даў мне чужую душу...
* Я прыношу Табе маленне...
* Будзе тое, што будзе...
* Прымаю - i вецер, i дождж...
* Быць не хачу прыгожай...
* Спiць сынок...
* Слава Табе - за сям’ю i за дом...

* * *

Верш 1

А.

…ціхім вершам мяне агарні,
бы анёлак ахоўным крылом,
каб з надзеяю ва ўсе дні
непадзельна сэрца жыло…

…я малітвай цябе ахіну,
затулю ад гора і бед,
што кахаю цябе, што люблю
- ад мяне не пачуеш,
не...



* * *

Верш 2

А.

Стань музыкаю мне,
А не музыкам –
Каб душамі плылі ў адной прасторы,
Адной былі любоўю, шчасцем, горам –
Стань музыкаю мне,
А не музыкам.

Нам адчыніў Гасподзь Нябёсны Хорам,
Для нас спяваюць Ангельскія лікі.
Стань музыкаю мне,
А не музЫкам –
Найлепшым Божым дарам,
Божым творам.


* * *

...У каханні –
не прызнаюся ніколі,
каб думкаю суладдзе
не парушыць.
Ды каласы схінаюцца у полі,
І Лік Нябёсны –
між галінаў грушавых...

Струменіць жыццядайная крыніца,
І Неба расхінутае – як кніга:
Прыпасці б да яе –
і наталіцца,
І мудрасці адвечнае напіцца,
І гаркаты жыццёвае пазбыцца –
Каб у малым адкрылася –
Вялікае...


* * *

Сябе замнога,
а зямлі – замала
душы,
якая Бога адшукала…


* * *

Калі Гасподзь
асвеціць пачуццё –
То боль душэўны, нібы воск,
сплывае,
Агонь Нябёсны
існае яднае…

Любоўю
спараджаецца жыццё.

* * *

"...І так, нібы свечку, Ты даў мне чужую душу..."

“Вы – святло свету…
Так няхай свеціць святло вашае
перад людьмі, каб яны бачылі
вашыя добрыя справы і ўслаўлялі
Айца вашага Нябеснага”.

(Мф. 5, 14-15)


…І так, нібы свечку,
Ты даў мне чужую душу.
Распаленым воскам
далоні мае апякае.
Ды Словы Евангелля помню,
яе не хаваю,
А толькі спатолі,
Твайго суцяшэння прашу.

Адно – суцяшэння ад Госпада,
не ад людзей, –
Яны не натоляць ні прагі душэўнай,
ні плоці.
Мой Божа, даруй мне віну,
хай у цярпенні і згодзе
Прайду я праз кожны,
Табою дарованы, дзень.

І хай тая свечка
спакойна і ясна гарыць.
І хай праз апёкі і боль
я яе ўтрымаю.
А потым –
у нязгасным блакіце нябёснага раю –
Зрабі яе знічкай
у светлым сузор’і Тваім…


* * *

Я прыношу Табе маленне,
Не адкінь нас, пакорных і грэшных.
Вецер ціха схіляе калені,
Перахрышчваюцца чарэшні.

Той парой, калі душы бродзяць
І анёлы людзей вартуюць –
Не адкінь нас, балесных, Божа, –
Дай у сэрцы малітву святую.

Прытулі нас, гаротных, Вечны.
Як не ўмеем Цябе кахаць мы!...
Толькі зьнічкі ды толькі свечкі,
Ды малітвы святых гараць нам.


* * *

...I будзе тое,
што будзе...
I ПРЫЙДЗЕ ТОЕ,
што стане.

I вершам
ляжа дарога -
у надзею,
пяшчоту,
растанне.

Мелодыяй до дыезу -
самотна i грацыёзна -
заплача галiнка бэзу,
стулiўшы свае пялёсткi,

I тое, што па-за смехам
i стогнам, па-за лiстамi -
абудзiцца даўнiм рэхам, -
пяшчотным i дзiўным рэхам -

i -
ЯВАЮ
ЎРЭШЦЕ
СТАНЕ!...


* * *

...Прымаю - i вецер, i дождж,
i зоры ў вейках замглёных,
і позірк -
ад шчасця шалёны...
І гэта ўзапраўду?
Дык што ж...


* * *

Быць не хачу прыгожай,
быць не хачу шчаслівай –
толькі выратуй, Божа!

У белую квецень слівы
з чорнае краскі ночы
падаюць зор пялёсткі…

Мне б –
дзіцячыя вочы –
ані дробнае слёзкі…

Мне –
з дзіцячай далоні –
зіхатлівы каменьчык,
Зёлачку-падарожнік,
што каленку залечыць…

Дрэву –
нашто прыгожым?..
Красцы –
нашто шчаслівай?..
Толькі б,
ласкаю Божай, -
Дзеці
ды квецень слівы.

(1995,
бальніца, Гродна)


* * *

Спiць сынок
Каточкам на прыпечку -
Божы хлопчык,
Шчырае сардэчка...


* * *

...Слава Табе -
за сям''ю і за дом,
і за людзей,
што плацілі дабром.
Толькі -
ці вартаю стану,
не знаю, -
з імі
сядзець за бяседным сталом?...



© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009


Для сувязi з аўтарам

Хостинг от uCoz