Ангелiна Дабравольская

ЗАПIСЫ. 1989 год

ЗМЕСТ:

Запiсы, 1989


* На палiтры змешваю фарбы…
* З пакуты радасцi...
* Восеньскi лёд - як вiтрыннае шкло...
* Мабыць, таямнiца...
* Слухаю раманс...
* Нараджэнне верша...
* Ад’ехаць - крыху памерцi...
* Мы сыйдзем у зямлю…

ЗАПIСЫ

1989 год



* * *

На палітры змешваю фарбы:
Ружова-блакітную з чорнай – фарба маіх надзей;
З белай – чырвоную, - пляма крыві на снезе;
шэрую з золатам – гэта святло маіх свят;
срэбную з русай – колер тваiх валасоў... -
З іх складаецца
мой пачатак.

(1989)



* * *

З пакуты радасці
і шчасця страты
ствараюць гармонію гукі
чароўныя.
Узносяцца, ліюцца,
знікаюць...

І б’ецца душа.

(1989)



* * *

Восеньскі лёд нагадвае мне вітрыннае шкло.
У ім мерзлы бруд здаецца выстуджанай зямлёю; ягада арабіны – кропляй крыві, пажоўклыя лісты – зоркамі, растаптанымі нечымі ботамі.

Але нічога гэтага няма. Ёсць толькі слата, восень і чаканне зімы, якая прыйдзе і даруе нам гэты бруд, і схавае яго ў сваю чысціню.

(1989)


* * *

...Мабыць, таямніца чалавека –
ягоная самота.
У свеце, у сабе.
Апошняе – страшней.
Шукаеш жывую істоту, душу.
Знаходзіш – у лепшым выпадку – кошку,
у выключным – знаёмца,
часцей – нікога.
Так развучваешся шукаць.
І жывеш нібы “рэч у сабе”...
І амаль заўсёды
Хтосьці
забірае тое,
што ты знайшоў...

(1989)



* * *

Слухаю раманс,
думаю пра зоркі,
успамінаю Багдановіча...
Але цеплыня паэтавых пачуццяў
не кранае мяне цяпер.
Мне балюча і холадна
ад святла і недасягальнасці зор...
І чалавека...
насупраць мяне...

(1989)



* * *

Нараджэнне верша
падобна на нараджэнне чалавека.
З сугучнасці думкі і душы,
зліцця пачуццяў і настрою
ў імгненне натхнення
ўзнікае істота.
Як незалежнасць ад часу,
як суцяшэнне.
Як ачышчэнне...

(1989)



* * *

“Ад’ехаць – гэта
крыху памерці”, -
кажуць французы.
Калі адыходзяць двое –
ад самоты
памірае
трэці...

(1989)



* * *

- Мы сыйдзем у зямлю?
- Так.
- Але чаму ж мяне вабіць Н е б а?...

(1989)




© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009


Для сувязi з аўтарам

Хостинг от uCoz