Ангелiна Дабравольская

Нiзка вершаў «УСПАМIН»

ЗМЕСТ:


Нiзка вершаў «Успамiн»

1. Там, ля нябачнай ракi...
2. Несла збаночак глiняны...
3. За травiнку, бы за ланцужок...
4. Паводле Андэрсэна
5. Ты аддаў любоў на распяцце…
6. Жыць у свеце – і быць не ад свету...
7. Андрэю i Галi Пяткевiчам
8. Што ж марыць аб пяшчоце і каханні?...

«УСПАМIН»

(нiзка вершаў)


1.

...Там, ля нябачнай ракі
Пасвяцца коні-аблокі.
Іх уладар жаўтавокі
Там, ля нябачнай ракі.

У хвалях заблытаю крокі.
Промень кранецца рукі.
Там, ля нябачнай ракі...
...Пасвяцца коні-аблокі....



2.

...Несла збаночак гліняны –
з кропляю чыстай вады.
Месяц свяціўся крамяны,
стылі над рэчкай брады.
Росныя ззялі паляны
у палыновай жальбе.
Несла збаночак гліняны
так –
нібы сэрца –
т а б е.



3.

...За травінку, бы за ланцужок
Зачапілася нагою злёгку –
І – як у казцы, – засвістаў салоўка –
Каб бяду ніхто праспаць не мог.

Сціш, салоўка: я ішла сюды
Не па пер’е ад сівой жар-птушкі, –
Пер’я досыць у сынавай падушцы, –
Я прашу ратунку ад бяды.

Зачаруй, заплач, заваражы,
Загаі мне сэрца шчабятаннем…
Боль няварты вечнага світання
На вясновай сонечнай мяжы!...


4.


Паводле Андэрсэна


...Не ў ракаўцы –
у русалчынай далоньцы –
туга Яе па ўратаваным
прынцы,
сляза Яе,
чый смак –
марскі, салёны...

ты ж, чалавек,
таго не разумееш,
што дар
Яе
душы
нясеш каханай,
і назавеш с в а і м –
што не тваё...

і дар Любові
стане толькі камнем,
бліскучай цацкай,
перлінай у кароне
сярод такіх жа –
мёртвых –
камянёў...

а дар Кахання...
што т а б е
з кахання?
яно як хваля –
знікла і растала...
як вецер,
сонца,
воля...
як Яна...

сціраеш пырскі
успамінаў з твару...
і смак вады
марской
салоніць вусны...

...і статуяй –
каменнаю –
стаіш...


1994 (2007)



5.


...Ты аддаў любоў на распяцце –
Перасудам чужым і здрадзе,
Горкай долі, балючай страце,
Прамяняўшы д у ш у - на п л а ц ц е...

Ах, цалункам Іуда рады…
За апратку – не за аплатку...
Я дарую, а Бог – заплаціць.
Толькі... З чым застанешся, браце?...



6.


...Жыць у свеце – і быць не ад свету...
Ад здрады штодня паміраць...
І зноўку на золку ўскрасаць...
І дзякаваць Богу за гэта...


7.

Андрэю i Галi Пяткевiчам


...Ужо няма ні здрады,
ні віны –
А толькі боль і смутак
назаўсёды.
Чакае Вечнасць
нашага прыходу,
А мы ўсё мроім
“залатыя сны”...



8.


Што ж марыць аб пяшчоце і каханні?
Ад мараў – ці пабольшае любові?
Душа мая, спяшай на пакаянне –
Ужо крыж гатовы і вянок цярновы.

Шкадуеш незваротнага растання?
Тваёй пяшчоце здрады не адужаць?
Шыпы цвікоў – вастрэйшыя за ружы...
Душа мая, спяшай на пакаянне.

Самаспадман – найлепшае прызнанне...
Ілюзія збаўленню не паслужыць...
Душа мая, спяшай на пакаянне –
Гасподзень Крыж урачуе ўсіх нядужных.




© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009


Для сувязi з аўтарам

Хостинг от uCoz