Ангелiна Дабравольская

Выбраныя вершы

ЗМЕСТ:

* Сэрца адкрытае - як трава...
* Вецер часу схiляе да кораня...
* Свет-2 ("Цякучы i адзiнародны...")
* Госпадзе, даброт зямных - цi трэба
* Калi не стане цеплынi...
* Не расколеш жыцця - не спасцiгнеш яго таямнiцу...
* Цiхi голас травы...
* Закалыхай мяне, маленькую...
* Адно крыло - любоў...
* Я iснасць няўлоўнай павуцiнкай...
* Шчасце - любовная лирика
* Пра птаха. Божа, даруй не хацела таго, не хацела...
* Не сумуй, маё сэрца...
* Мятлушка

СЭРЦА АДКРЫТАЕ - ЯК ТРАВА...

...Сэрца адкрытае –
як трава:
топчуць яе,
ды яна –
ЖЫВАЯ:
ці пад нагою,
ці пад касою –
плача, сплывае
чыстай расою…

Ды ацаляе травы
зямля...

Моцнымі будзьма,
зёлка мая!...


* * *

Вецер часу
схіляе да кораня
…дрэва…
полымя праглынае
…матыль…
з атручаных абразоў
вочы
…дзеці…
…Дзева Марыя…
дзе… Ты…


СВЕТ ІІ

Цякучы і адзінародны,
Як рог адзінарога, страшны –

У недасягальнасці гіпербал,
У неспасцігальнасці метафар.

(1989-1992)


* * *

Госпадзе! Даброт зямных - ці трэба?
Толькі не пакінь мяне, малю.
Хай часцінку ад Твайго хлеба
Я слязамі горкімі зап''ю,

Ды за суцяшэнне незямное -
Проста жыць
і быць душой жывой –

Сэрца чалавечае, малое,
Грэшнае, бяздольнае, слабое -
Схіліцца прад воляю Тваёй...


* * *

Калі не стане цеплыні –
Не сонечнай, а чалавечай –
Жыву надзеяй на сустрэчу,
Калі не стане цеплыні.

Малюся ля аціхлых свечак.
Душа згарае ў іх агнi
Калі не стане цеплыні –
Не сонечнай, а чалавечай.


* * *

…Не расколеш жыцця – не спасцігнеш яго таямніцу,
Не уведаеш упраўду самога сябе…
Толькі б гэтага вечнага тлуму –
Пакінуць, пазбыцца;
Толькі б гэтага вечнага суму –
Пакінуць, пазбыцца!... –
Па нябёсах, па існасці – Госпадзе! І па Табе!...

Гэты сум забірае трыванне,
Закоўвае крылы –
І душа, як зляканая птушка –
Не ў стане ўзляцець.
І – знямоглая тлумам,
На зямлі, безнадзейна астылай, -
Сустракае зіму –
Ацаленне? Збавенне? Ці смерць?

…Праз зямлю прарасце
Кволым лісцікам – кожнае пёрка,
Сэрца краскаю стане –
І ўжо не смыліць, не баліць…
Ціхім шэптам травы –
На ўрачыстым і росным пагорку,
Адвячоркам і раннем –
Стану, Божа, Цябе я хваліць…
…Ціхім шэптам травы –
На ўрачыстым і росным пагорку…
…Ціхім шэптам травы…
Стану, Божа, Цябе я хваліць…


* * *

З дрэва ліст упадзе –
на расу, на траву, ня зямлю, –
І акрые сабою
чыёсь неадпетае цела…
Шмат стагоддзяў таму
тут памерла яно і сатлела…
Ды імя яго –
нат’ малітоўна –
Я не назаву…

Колькі ў свеце крыжоў –
на шляхах,
на кладах,
на вятрах…

Колькі душ,
што заўчасна,
стамлёна ля іх спачываюць:
Не зайздросцяць нікому,
не маняць
і ўжо не кахаюць –
Іх нязгаслы агеньчык
гарыць у нашчадкаў
ў вачах…

…Скора ліст упадзе –
на ўрадлівае ўлонне зямлі,
І сустрэне яно –
з мацярынскім
бясслёзным чаканнем…

Ціхі голас травы –
ты складаешся
з нашых дыханняў,
Стогнаў,
шэптаў,
прызнанняў, -
УСІХ –
памёрлых,
ды ў Бога –
Жывых…

…Ціхі голас травы…


* * *

…Закалыхай мяне, маленькую,
Тваёй спрадвечнай калыханкаю,
І буду праз калыску млечную
Сачыць за светлаю заранкаю.

Закалыхай мяне, убогую,
Хусцінкай ахіні мурожнаю, -
І ўзыдзе гай па-над дарогаю,
І жытам зарунеюць пожні.

Закалыхай мяне, зблукалую –
Азябла я, няма ні свечачкі.
Ды толькі лісце, з дрэў апалае,
Ды толькі сьцюжа, змрок ды вецер.


* * *

...Адно крыло - любоў,
другое - смерць.
На іх прыходзім з неба
ў гэты свет.
На іх ляцім да Вечнасці
праз Існасць,
Раскідваючы пёркі
"так" ці "не"...


* * *

Я існасць
няўлоўнай павуцінкай
з рук выпускаю
ў абдымкі ветру, -

Ды словы-абалонкі -
пакідаю,
бо ў вяртанне страчанага -
веру.


ШЧАСЦЕ

...Збылося,
Адбылося,
Азвалося –

І краскаю,
І хваляю,
І зоркай...

У вясёлку –
Чыстым промнем
Пралілося,

Вавёркаю –
На дрэва
Узабралося,

І хмаркаю –
Схавалася
За ўзгоркам...


+

Птаха ў далонях трымаю.
Божа,
Памілуй нас.

1990, метро, Мінск


...Божа, даруй – не хацела таго,
не хацела.
Птаха малая Твая
мне ў рукі зляцела.
Нібы цяпельцам астылым
мяне закранула.
І – скаланула усю,
схамянула.

У свеце самотным –
і людзям і птушкам –
гаротна і сцюжна.
Векам кароткім
надзелены дух іх нядужны.
Нібы у смерці – застылі
і сэрцы, і душы.
Божыя Ласка і Слова –
адно – можа сон іх
парушыць.

Божа, даруй –
птушанё я ў далонях
сагрэла.
Крыху аджыўшы,
яно да Цябе паляцела.
Не асудзі. Блаславі –
на жыццёвым дрэве
Парасткам узысці –
яго хваласпеву.

14.07.2000


* * *

Не сумуй,
маё сэрца,
Па даверлівых словах –
Адлятуць,
нібы з дрэваў,
Ды народзяцца
зноў яны…

Не трымці,
маё сэрца,
І надзеі не прагні.
Калыханка
і скерца –
Твой масток
цераз багну.

Не чакай,
маё сэрца,
Шкадавання, спатолі.
За жыццём,
па-за смерцю
Стрэне
іншая доля.

Там,
у палацы ўрачыстым,
За бялюткім абрусам –
Людзі
з душамі чыстымі
(Я за іх памалюся) –

Усе блізкія,
родныя,
Паяднаны любоўю…

…Тры крыжы…
Месца Лобнае…
Цвік
з Хрыстоваю кроўю…


МЯТЛУШКА

Застацца б мне –
ціхмянай і лагоднай,
Ні краскі, ні травінкі не парушыць.
Быць проста часткай Матухны-Прыроды,
Наіўнаю, маленькаю
мятлушкай…

У кожным крылцы –
пыл сівых стагоддзяў –
Не сівізна на скронях ацяжэлых…

Я адлятаю…
Лета на зыходзе…
Шапоча вецер ў дрэвах парыжэлых…

Час засынаць…
і дрэвам, і мятлушкам…
Нязробленае –
здзейсніцца калісьці…
Ды толькі вера –
у Хрыстова Прыйсце –
Нас абуджае
і ратуе душы.


© Copyright: Ангелiна Добровольская, 2009
© Copyright: angel-dobro, 2009


Для сувязi з аўтарам

Хостинг от uCoz